БЕЛАРУ́СКА-ВАЛДА́ЙСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

фізіка-геаграфічная правінцыя на Пн Беларусі. Займае Віцебскую, ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з Зах.-Бел., Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі, на ПнЗ з правінцыяй Усх. Прыбалтыкі. Працягнулася з З на У на 340 км, з Пн на Пд на 160—240 км; пл. 57,6 тыс. км². У межах Беларуска-Валдайскай правінцыі вылучаюцца акругі Беларускае Паазер’е і Беларуская града. У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы на ПдЗ, Балтыйскай сінеклізы на ПнЗ, Латвійскай седлавіны на Пн і Аршанскай упадзіны на У і ПдУ. Асадкавыя пароды, пераважна дэвонскія даламіты, вапнякі, пясчанікі, перакрыты адкладамі антрапагенавай сістэмы — марэннымі супескамі, суглінкамі і глінамі, лёсападобнымі пародамі, торфам, сапрапелітамі і інш. У рэльефе вылучаюцца Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы, утвораныя ў час сярэднеплейстацэнавага зледзянення, Віцебскае, Гарадоцкае, Свянцянскае і інш. ўзвышшы, Чашніцкая раўніна, а таксама Полацкая, Нарачана-Вілейская і інш. нізіны, якія ўзніклі пасля дэградацыі познаплейстацэнавага зледзянення. Для ўзвышшаў Бел. грады характэрны градавы і буйнаўзгорысты дэнудацыйны марэнны рэльеф, на якім пашыраны яры і суфазійныя западзіны на лёсападобных пародах. У межах яе на Мінскім узв. знаходзяцца найвышэйшы пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м над узр. м.). Рэльеф Бел. Паазер’я больш малады, пераважна плоскі нізінны і спадзістахвалісты раўнінны, на ўзвышшах канцова-марэнны градавы і ўзгорысты, са шматлікімі азёрнымі катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, даламіты, торф, сапрапелі. Клімат умерана кантынентальны, вільготны, найб. халодны на Беларусі. Сярэдняя т-ра студз. -6,5 — -8,2 °C, ліп. 17,2—18 °C, ападкаў 560—650 мм за год. Вегет. перыяд самы кароткі на Беларусі — 180—185 сутак.

Па вял. узвышшах на Пд Беларуска-Валдайскай правінцыі праходзіць частка водападзелу паміж рэкамі Балтыйскага м.Зах. Дзвіной, Віліяй (бас. Нёмана), Ловаццю (бас. Нявы) і Чорнага м. — Бярэзінай з Свіслаччу (бас. Дняпра) і інш. Басейны Нёмана і Дняпра злучаны праз Вілейска-Мінскую водную сістэму. Глебава-расліннае покрыва характарызуецца дробнымі контурамі, што звязана са стракатасцю рэльефу і грунтоў. Глебы на ўзвышшах дзярнова-падзолістыя лёгкасугліністыя на марэне і лёсападобных суглінках, у нізінах дзярнова-падзолістыя аглееныя цяжкасугліністыя на азёрна-ледавіковых і пясчаныя на водна-ледавіковых адкладах, а таксама дзярнова-палева-падзолістыя лёгка- і сярэднесугліністыя на лёсападобных пародах, у паніжэннях рэльефу забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы розных тыпаў. Лясы займаюць 35% тэрыторыі, належаць да падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Буйныя хваёвыя і драбналістыя з прымессю шыракалістых парод лясныя масівы захаваліся на нізінах (складаюць да 50% агульнай плошчы лясоў). На ўзвышшах лясы з перавагай елкі, дубу, вольхі (менш за 20% плошчы). Балоты пераважна нізінныя і вярховыя на Пн. Пад ворывам больш за 30% тэрыторыі. У межах Беларуска-Валдайскай правінцыі Бярэзінскі біясферны запаведнік, нац. парк Браслаўскія азёры і шматлікія заказнікі.

В.П.Якушка.

т. 2, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)